Чаму табе абавязкова трэба з'ездзіць на беларускі арганны фестываль?

5 унікальных арганаў Беларусі – і рэдкая магчымасць іх пачуць

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Яўгенія Барысевіч

|

  7450

5 унікальных арганаў Беларусі – і рэдкая магчымасць іх пачуць

З 25 мая па 28 верасня 2025 года ў сямі касцёлах Беларусі – у Пінску, Лагішыне, Ружанах, Мядзведзічах, Іванава, Навагрудку і Іўі – пройдзе фестываль акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi. Уваход на ўсе канцэрты фестывалю будзе вольны. Гэта выдатная магчымасць пачуць рэдкія гістарычныя інструменты і акунуцца ў атмасферу беларускіх касцёлаў. У гэтым матэрыяле мы падзелімся гісторыяй арганаў, якія гучацьмуць на канцэртах фестывалю, і крыху раскажам пра арганную культуру Беларусі – як яна развівалася ў мінулым і як гучыць сёння.


Для самастойных падарожнікаў: усе арганы Беларусі сабраны на зручнай мапе. На ёй рознымі колерамі адзначаны інструменты чатырох эпох: барока, рамантызму, міжваеннага перыяду і сучаснасці.

 

З гісторыі. Як развівалася арганная культура ў Беларусі?

Арганнай культуры на тэрыторыі Беларусі ўжо больш за 600 гадоў. Усё пачалося, калі ў далёкім 1408 годзе магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген падарыў Ганне Смаленскай, жонцы князя ВКЛ Вітаўта, невялікі пераносны арган з адной клавіятурай.

У часы Вялікага Княства Літоўскага арганы гучалі ў большасці касцёлаў і ўніяцкіх храмаў. Прычым іх можна было паслухаць не толькі ў буйных гарадах накшталт Менска і Горадні, але і ў маленькіх вёсках – Жалудку, Струбніцы, Кемелішках, Лучаі, Мядзведзічах і іншых. Такая дэцэнтралізацыя здаецца дзіўнай, бо арган быў прадметам раскошы, яго пабудова каштавала дорага. Апроч гэтага, каб усталяваць арган, касцёл мусіў быць «крэпкім»: дах не павінен працякаць, а сцены – развальвацца. Да таго ж інструмент патрабаваў абслугоўвання, пастаяннай наладкі і, вядома, арганіста.

Цяпер у Беларусі больш за 130 арганаў, большая частка з якіх знаходзіцца ў касцёлах і была пабудавана да Другой сусветнай вайны. Але ў мінулым арганаў на тэрыторыі Беларусі было значна болей. Інструменты былі неад'емнай часткай літургіі: яны гучалі падчас спеваў гімнаў і псалмоў і падтрымлівалі харавыя спевы, задаючы ім танальнасць.

Але арган выконваў не толькі музычную ролю – ён быў яшчэ і дамінантным элементам храмавага інтэр'еру, які сваёй веліччу ўзмацняў рэлігійны досвед. Беларускі мастацтвазнаўца Анатоль Кулагін так апісваў ролю аргана: «Арган, нават калі ён маўчаў, быў значны не толькі мастацка-дэкаратыўна, але і эмацыйна. Арган прыўносіў у інтэр'ер адчуванне ўрачыстасці і свята».

 

Арган у Фарным касцёле ў Горадні – самы вялікі з усіх гістарычных арганаў Беларусі. Фота Ксеніі Свірыд

 

Варта адзначыць, што тэрыторыя Беларусі была ўсходнім рубяжом, дзе сустракаліся і перасякаліся розныя рэлігійныя традыцыі. І хаця арганная культура рэдка пранікала ў праваслаўны свет, арганы гучалі не толькі ў каталіцкіх касцёлах, але і ў пратэстанцкіх храмах і ўніяцкіх цэрквах, што, вядома, уплывала на разнастайнасць музычных твораў. Гэтая спадчына адлюстраваная ў Астрамечаўскім рукапісе («Полацкім сшытку») – знойдзеным у ХХ стагоддзі 300-гадовым песенніку, у якім суседнічаюць уніяцкія спевы з усходняй хрысціянскай традыцыі і арганныя творы, напісаныя ў стылі раннебарочных школ Заходняй Еўропы.

 

 

Чаму арганная культура ў Беларусі пачала занепадаць?

Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя арганная культура пачала згасаць. У праваслаўным асяроддзі арган асабліва не выкарыстоўваўся, новыя касцёлы будаваць было амаль немагчыма, неяк падтрымліваць арганную культуру – таксама.

Яшчэ адным ударам для арганнай культуры стала скасаванне ўніяцкай царквы. Так, у 1829 годзе царква вырашыла, што арганы – лішні інструмент у грэчаскім богаслужэнні, і забараніла ўсталёўваць новыя. Пачаўся масавы дэмантаж арганаў ва ўніяцкіх храмах. Епіскап Іосіф Сямашка загадаў прадаць або зніштожыць усе арганы на працягу трох месяцаў. Большасць з іх так і не знайшлі новых уладальнікаў, таму мноства інструментаў з манастыроў у Горадні, Жыровічах, Кобрыне і іншых месцах былі беззваротна страчаныя. У адной толькі Полацкай епархіі было спалена 117 арганаў – складана ўявіць, колькі інструментаў магло б захавацца па ўсёй Беларусі.

Калі паглядзець на мапу Беларусі сёння, можна ўбачыць, што гістарычныя арганы сканцэнтраваныя ў заходняй частцы краіны. Праз Другую сусветную вайну і антырэлігійную палітыку на ўсходзе не засталося ніводнага старажытнага аргана, пабудаванага да 1939 года.

 

Арган у Лідзе. Фота Ксеніі Свірыд

 

Арганная культура сёння

Паступова арган выйшаў за рамкі рэлігійнага жыцця і пачаў існаваць як канцэртны інструмент. Менчукі ходзяць паслухаць гучанне аргана не толькі ў філармонію, але і ў Кафедральны касцёл у Верхнім горадзе і касцёл святога Роха, незалежна ад свайго веравызнання. Арганная музыка больш не абмяжоўваецца рэлігійнымі спевамі – на гэтых інструментах выконваюць і сучасную музыку, і нават эксперыментальныя творы. Арган стаў часткай свецкай культуры.

Адраджэнне цікавасці да арганаў можа дапамагчы (і ўжо дапамагае) аднаўляць старажытныя інструменты XVIII–XIX стагоддзяў. У кожнага з іх – свой лёс: з калецтвамі, якія нанеслі пажары, змена ўлады, мода, адсутнасць грошай. Усё гэта прымушала майстроў перабудоўваць інструменты і адаптаваць іх гучанне.

Арганны фестываль Ars Magna Organi – гэта магчымасць пачуць, як гучаць стогадовыя інструменты, і нагода выехаць за межы звыклага гарадскога маршруту. Вось некалькі арганаў, якія чакаюць цябе на фестывалі.

 

 

Пінск і арган, якому амаль 200 гадоў

Сабор Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Google Maps – Леніна, 18) / Пагуляць па касцёле анлайн / 23 канцэрты ў рамках фестывалю
 

 

У сталіцу Палесся варта ехаць не толькі дзеля таго, каб пагуляць па старажытных вуліцах, але і каб паслухаць адзін з самых вялікіх гістарычных арганаў Беларусі. Інструмент быў пабудаваны ў 1836 годзе майстрам Войцехам Градзіцкім, а праз сто гадоў Вацлаў Бярнацкі перабудаваў яго, захаваўшы барочны корпус і дадаўшы сучасныя на той момант рысы гучання. Так, гэты арган спалучае ў сабе рысы барока і позняга рамантызму – дзякуючы гэтаму на ім можна выконваць самую розную музыку.

Арган знаходзіцца ў Саборы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, і гэта не першы інструмент у яго гісторыі. Упершыню кароль інструментаў у пінскім касцёле згадваецца ў 1648 годзе – на жаль, у спісе страт, панесеных у выніку паўстання казакоў і мяшчан Пінска.

Так, арганы змянялі адзін аднаго, пакуль у 1836 годзе майстар Войцех Градзіцкі не пабудаваў новы інструмент, барочны корпус якога захаваўся да нашых дзён. Дзякуючы падарожным нататкам этнографа Мікалая Ляскова мы ведаем, што ўжо ў 1862 годзе «велізарны і цудоўны арган грае толькі адною паловаю, бо іншая яго палова сапсаваная, і на папраўку яе патрабуецца значная сума, якой няма дзе ўзяць беднаму касцёлу».

За Першай сусветнай вайной металічныя трубы аргана вывезлі немцы, і з часам арган цалкам выйшаў са строю. У 1936 годзе майстэрня Вацлава Бярнацкага – у тыя часы найбуйнейшая па арганах на нашых землях – удыхнула ў яго новае жыццё, захаваўшы пры гэтым барочны корпус, частку драўляных трубаў, педальных рэгістраў і эфект Zimbelstern, які стварае гук званочкаў.

 

 

Пінскі арган згадваў і Уладзімір Караткевіч у апавяданні «Званы ў прадоннях азёр»: «Тутэйшы арган быў пастаўлены ў 1833—1887 гадах архітэктарам Градзіцкім, а галасы для яго з чорнага дрэва, спецыяльна мочанага і сушанага, сканструяваў выключны наш майстар арганаў Рудніцкі з Вільні. Тады арган быў аб дзевятнаццаці галасах і двух мануалах з педаллю клапаннай канструкцыі.

У 1936 годзе яго рэканструяваў майстар Бярнацкі. Ён дадаў шэсць новых галасоў, а старыя дапоўніў новымі трубамі. Частку іх ён замяніў на сталёвыя, і арганіст, вялікі майстар сваёй справы і знаўца музыкі, і цяпер незадаволены гэтым: «Са старымі, драўлянымі, было лепей». Педаль цяпер пнеўматычнай канструкцыі. Не ведаю, як там было раней, але і цяпер гэта велічна і здорава. Ды і вонкавы выгляд гэтых срэбных трубаў, цёмнага золата капітэляў, блякла-зялёнага асноўнага фону здзіўляе гарманічнасцю».

25 траўня ў Пінску адбудзецца адкрыццё, а 28 верасня – закрыццё фестывалю арганнай музыкі Ars Magna Organi. Акрамя таго, на працягу лета ў пінскім касцёле пройдуць яшчэ два дзясяткі канцэртаў – дакладныя даты знойдзеш у інстаграме фестывалю

 

 

Ружаны і найстарэйшы барочны арган

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Google Maps – пл. 17 верасня, 10) / 15 канцэртаў у межах фестывалю
 

Фота: argany.by

 

Гэта адзіны ў Беларусі барочны арган у канцэртным стане і самы стары ў Пінскай дыяцэзіі.

Першая згадка аргана ў Ружанах датуецца 1633 годам. Інструмент, як і сам касцёл, быў пабудаваны на грошы Льва Сапегі, канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Арган, які мы бачым у ружанскім касцёле сёння, з'явіўся ў перыяд з 1732 па 1765 год.

Паколькі сам па сабе арган – складаны і дарагі інструмент, яго часта не замянялі цалкам, а перабудоўвалі, захоўваючы прыдатныя дэталі. Гэта размывала мяжу паміж «старым» і «новым» інструментам. Арган у Ружанах не стаў выключэннем і таксама перабудоўваўся вялікую колькасць разоў. З ім здараліся і пашкоджанні пасля пажару, і тэхнічныя няспраўнасці, і сваё бачанне прыгожага ў новага прыдворнага архітэктара – прывітанне Яну Самуэлю Бэкеру. Дзякуючы гэтаму немцу ў XVIII стагоддзі арган атрымаў новы праспект з незвычайным раслінным арнаментам, які неўласцівы арганам, пабудаваным у Вялікім Княстве Літоўскім.

Прасачыць лёс любога аргана можна па касцёльных інвентарах – так, Аляксандр Бурдзялёў, даследчык беларускіх арганаў і арганізатар фестывалю Ars Magna Organi, вывучыў ружанскія касцельныя архівы і вызначыў, да якіх эпох адносяцца розныя дэталі інструмента. Падрабязна гэтае даследаванне можна прачытаць у фэйсбуку Аляксандра.

Арган у Ружанах вылучаецца не толькі заморскім вонкавым выглядам, але і рэдкімі тэхнічнымі рашэннямі. Напрыклад, механізм эфекту Zimbelstern, які стварае гук званочкаў, і канструкцыя абмежавальнікаў уздыму меха сустракаюцца толькі ў некалькіх арганах Беларусі. Таксама захавалася архаічная педальная клавіятура з незвычайным дыяпазонам – магчыма, самая старая ў краіне.

К пачатку XX стагоддзя арган паступова зрабіўся непрыдатным. У 1939 годзе ў інвентары касцёла была адзначана адсутнасць мноства трубаў і пашкоджаны мех. Калі арган і гучаў на службах да 1980-х, то слаба і бязладна. Да 2024 года ніхто з тых, хто жыве цяпер, ніколі не чуў яго сапраўдных тэмбраў. І вось нарэшце летась арган быў адноўлены да канцэртнага стану і ўпершыню за 90 гадоў загучаў і працягвае гучаць у фармаце высокай акадэмічнай музыкі.

 

 

Мядзведзічы і аўтэнтычны арган эпохі рамантызму 

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (Google Maps – Інтэрнацыянальная, 36) / 7 канцэртаў у межах фестывалю
 

 

У Беларусі не знойдзеш двух аднолькавых гістарычных арганаў – кожны з іх адлюстроўвае эпоху, у якую быў створаны і мяняўся пад уплывам гістарычных або бытавых падзей. Аднак нават на гэтым фоне арган у Мядзведзічах – асаблівы. І вось чаму.

Інструмент быў пабудаваны ў 1912 годзе ў Вільні майстэрняй Пятра Вайцяховіча і ўяўляе сабой тыповы ўзор познерамантычнага стылю. Інструмент дайшоў да нашых дзён у аўтэнтычным выглядзе.

Арган пабудаваны дастаткова нестандартна – таму граць на ім нязвыкла нават дасведчаным музыкантам. Але затое ўсе гэтыя асаблівасці робяць арган тэхнічна і акустычна ўнікальным. Да таго ж сам касцёл мае выдатную акустыку з доўгім рэхам, і разам з асаблівасцямі аргана атрымліваецца адно з самых цікавых гучанняў у краіне.

Арган адрэстаўравалі і вярнулі да жыцця зусім нядаўна – у 2020 годзе. Цяпер у Мядзведзічы можна прыязджаць, каб пачуць, як стогадовы інструмент гучыць у музыцы розных эпох – ад барока да сучаснай класікі.

 

 

 

Навагрудак і адзін з самых маленькіх гістарычных арганаў

Касцёл Святога Махала Арханёла (Google Maps – вул. Міцкевіча, 1) / 8 канцэртаў у межах фестывалю
 

Фота: argany.by

 

Магчыма, менавіта сціплыя памеры гэтага аргана і выратавалі яго ад пагібелі. Але пра ўсё сваім парадкам.

Дакладна невядома, хто пабудаваў гэты арган, але па характэрных дэталях яго прыпісваюць Юзафу Радовічу – аднаму з самых пладавітых віленскіх арганных майстроў свайго часу.

Першапачаткова арган стаяў у драўляным касцёле, пабудаваным у канцы XVII стагоддзя, у вёсцы Ельня Лідскага раёна. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл, на жаль, закрылі і разабралі. Але арган удалося выратаваць: ён шэсць гадоў праляжаў у хляве, пакуль ксёндз Антоній Дзям'янка не перавёз яго ў фарны касцёл у Навагрудку. Там інструмент захоўваўся да таго часу, пакуль яго не ўсталявалі ў Дамініканскім касцёле – тут ён знаходзіцца дасюль і тут мы і можам яго паслухаць. Доўгі час арган быў у непрыдатным стане, але ў 2016 годзе яго адрэстаўравалі.

Цяпер гэта адзін з самых маленькіх гістарычных арганаў Беларусі, які дзякуючы сваім тэмбравым і акустычным якасцям выдатна падыходзіць для камернага ансамблевага выканання.

 

 

Іўе і арган у неагатычным стылі

Касцёл Святых Пятра і Паўла (Google Maps – вул. Маркса, 51) / 4 канцэрты ў межах фестывалю
 

 

Рамантычны арган у Іўі быў пабудаваны ў 1899 годзе майстрам Фрыдрыхам Вайсенборнам з Якабштата (цяпер Екабпілс, Латвія). Аўтарства пацвярджае яго подпіс на аргане і пасланне будучым гаспадарам, што на меху трэба трымаць 20 цаглін.

Праспект аргана выкананы ў неагатычным стылі – і гэта дастаткова незвычайнае рашэнне для касцёла з барочным інтэр'ерам. Магчыма, так замоўцы хацелі падкрэсліць доўгую гісторыю храма. Праспект упрыгожаны драўлянымі імітацыямі трубаў, постацямі анёлаў і скульптурай цара Давіда з лірай.

 

***

Фестывальныя канцэрты таксама пройдуць у касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне (Google Maps) і ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа ў Янаве (Google Maps).

За інфармацыяй сачы ў інстаграме фестывалю.

 

Фота на галоўнай: palasatka

hand with heart

Получи доступ ко всем материалам 34travel

Подписка на 34travel – это идеи для поездок, авторские маршруты и фирменные гайды по городам мира, большие разборы тревел-трендов и актуальная информация из мира перелетов, виз и границ. Оформи подписку, чтобы ничего не пропустить.

ПОДПИСАТЬСЯ

Чытай таксама

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі класіцызм

Калоны «як у грэкаў».

Як Ветка стала культавым цэнтрам стараабрадніцтва?

Беларускі культурны феномен ад уцекачоў з Маскоўскага царства.

10 абарончых храмаў Беларусі

Культавыя пабудовы, якія за сваё жыццё ўжо шмат чаго пабачылі.

Кальвінcкія зборы Беларусі – чым яны ўнікальныя?

Разглядаем старажытныя помнікі: тыя, што захаваліся да нашых дзён, і тыя, што былі страчаныя.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрн

Даходныя дамы, але не толькі.

Чаму варта наведаць музей маляванкі?

Дзіўныя гісторыі, якія стаяць за ўнікальнай калекцыяй.

Цяпер на галоўнай

Выходзіць новая фотакніга Belarus ад Касі Palasatka

Перадзамову па спецыяльнай цане можна аформіць да 10 лістапада.

Месца тыдня: Чачэрск

Даследуем Гомельскую вобласць.

Шлях Цмока, Іўеўскі памідор і фестываль вішні: 7 летніх святаў за межамі Менска

Ад рыцарскага фэсту да выступленняў народных гумарыстаў, ад памідорнага дартса да шаман-шоў.

«Абсалютная цішыня»: фотагісторыя з восеньскай Ельні ад Светы Ярашук

«Збіралі журавіны адразу ў рот, стаялі па калена ў балоце, слухалі звонкую цішыню».

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Паказаць больш Паказаць больш