Шлях Цмока, Іўеўскі памідор і фестываль вішні: 7 летніх святаў за межамі Менска
Лета 2025 будзе вельмі насычаным: практычна на кожныя выходныя запланаваныя фестывалі, канцэрты і пікнікі. Мы выбралі сем не самых раскручаных варыянтаў за межамі Менска (ёсць і такія, куды можна трапіць абсалютна бясплатна, калі не ўлічваць выдаткаў на дарогу). Ад рыцарскага фэсту да выступленняў народных гумарыстаў, ад памідорнага дартса да шаман-шоў. Даставай з антрэсоляў палатку, кідай у заплечнік санскрын, рыхтуй гатоўку для маршрутак – і паехалі!
Чэрвень
Свята Сонца
Калі: 14 чэрвеня.
Дзе: музейны комплекс «Дудуткі», Пухавіцкі раён, вёска Пціч.
Як дабрацца: арганізатары прапануюць трансфер з Менска. Другі варыянт – даехаць на электрычцы да станцыі «Рудзенск», а там сесці на бясплатны аўтобус да комплексу «Дудуткі». Штодня ходзіць маршрутка «Мінск – Дудзічы», ад яе канчатковага прыпынку да месца правядзення фестывалю прыкладна паўгадзіны пешшу.
Фота: svyata-sontsa.by
«Свята Сонца» – купальскі фолк-фестываль з 10-гадзінным канцэртам. На сцэну выйдуць Іван Кірчук, Plemя, Дудараў, Гурьба, KaS, Сарматы, fishtank, а таксама спецыяльны госць, імя якога арганізатары пакуль што трымаюць у сакрэце. На тэрыторыі комплексу пройдуць майстар-класы ад кавалёў, ганчароў і ткачоў, будуць працаваць кірмаш рамеснікаў і інтэрактыўная зона па матывах гульні «Вядзьмар». Увечары абяцаюць двухгадзіннае шоў агню і піратэхнікі. І, вядома, традыцыйныя купальскія забавы: скакаць праз вогнішча, плесці вянкі, танцаваць да світанку. Акрамя таго, на фестывалі будуць працаваць два фудкорты з нацыянальнай кухняй і стрытфудам.
Кошт квіткоў для дарослых – 110 BYN, для дзяцей – 45 BYN. Дзяцей да 7 гадоў прапусцяць бясплатна. За месца ў кемпінгу з туалетам, рукамыйнікам і зонамі барбекю трэба будзе даплаціць яшчэ 10 BYN.
Ліпень
Вішнёвы фестываль
Калі: 18–19 ліпеня.
Дзе: Глыбокае.
Як дабрацца: з Менска ў Глыбокае ходзіць прамая маршрутка.
Фота: glubokoe.vitebsk-region.gov.by
У Глыбокім сапраўды расце шмат вішнёвых дрэў. Усё таму, што ў XIX стагоддзі мясцовы селекцыянер Баляслаў Лапыр вывеў новы гібрыд вішні і чарэшні, устойлівы да суровых маразоў. І цяпер кожны год, як толькі ягады спеюць, жыхары Глыбокага ладзяць шумнае свята.
Сёлета на «Вішнёвым фестывалі» традыцыйна абяруць каралеву, зладзяць конкурс баяністаў і арганізуюць вішнёвае вяселле на беразе Кагальнага возера. У планах ёсць нават забег вішнёвых слімакоў. Пірагі, варэнне і ўсё што заўгодна з вішняй таксама абяцаюць, але толькі пры добрым ураджаі.
Калі ў нейкі момант ты захочаш адпачыць ад фестывальнай мітусні, прагуляйся па горадзе. Знайдзі помнік барону Мюнгхаўзену (Google Maps), зазірні ў гісторыка-этнаграфічны музей (Сайт / Google Maps), палюбуйся касцёлам Святой Тройцы (Google Maps) і саборам Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (Google Maps). На памяць абавязкова купі пару слоічкаў вішнёвай згушчонкі.
Фестываль народнага гумару «Аўцюкі»
Калі: 19 ліпеня.
Дзе: Калінкавіцкі раён, вёска Вялікія Аўцюкі.
Як дабрацца: па суботах аўтобус з Калінкавічаў не ходзіць, таму адзіны варыянт – на аўто. Цябе чакаюць 3-4 гадзіны дарогі, затое бонусам зможаш заехаць у Мазыр.
Фота: instagram.com/kalinki_travel
Фестываль гумару «Аўцюкі» ладзяць з 1995 года. Яго адкрываюць цырымоніяй прымірэння «варожых» вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі (што іранічна, Малыя трохі большыя за Вялікія). Свята аб'ядноўвае ў сабе конкурс на самыя смешныя выступленні, вулічны гандаль і вячэрнюю дыскатэку. Сельскія саветы Калінкавіцкага раёна прывозяць сваю прадукцыю: рыхтуйся каштаваць сыры, каўбасы, выпечку і напоі.
Далучыцца да фестывалю можна абсалютна бясплатна. Прыязджай у Вялікія Аўцюкі, арыентуйся на школу ў цэнтры вёскі, гукі баяна і водары вясковых пачастункаў.
Жнівень
Мсціслаўскі рыцарскі фэст
Калі: 2–3 жніўня.
Дзе: Мсціслаў.
Як дабрацца: з Менска ў Мсціслаў ходзіць прамая маршрутка, яшчэ варыянт – паехаць праз Магілёў і там перасесці на аўтобус ці маршрутку.
Фота: vk.com/mstislavl_fest
Рыцарскі фестываль у Мсціславе традыцыйна плануюць на першыя выходныя жніўня. У праграме – тактычныя бугурты (рыцарскія бітвы паміж дзвюма групамі), турніры лучнікаў і коннікаў, тэатралізаваны штурм замка, канцэрт, вогненнае шоў. Адкрыецца кірмаш майстроў і рамеснікаў, дзе можна будзе купіць кераміку, упрыгожванні, абярэгі, даспехі, хатнія напоі. Для тых, каму цікавей не купляць, а рабіць сваімі рукамі, пройдуць майстар-класы.
Уваход на фестываль будзе платным. Кошт арганізатары пакуль не агучваюць – сачы за абнаўленнямі ў групе. Пагрузіцца ў гісторыю аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі перад паездкай табе дапаможа наш гайд па Мсціславе.
Іўеўскі памідор
Калі: 9–10 жніўня.
Дзе: Іўе.
Як дабрацца: з Менска да Іўя ходзіць маршрутка. Але добрай ідэяй будзе паехаць на машыне – так у цябе з'явіцца магчымасць зазірнуць у Жамыслаўль і паглядзець касцёл Святога Уладзіслава з пахавальняй Умястоўскіх у Суботніках.
Фота: Iñigo De la Maza
Трохі кантэксту: памідоры ў Іўі вырошчваюць у прамысловых маштабах. На агародах ты ўбачыш цяпліцы даўжынёй некалькі дзясяткаў метраў. Таму кожны год да часу паспявання памідораў тут арганізоўваюць вялікае свята.
Па вуліцах Іўя праходзіць тэатралізаванае шэсце, першы слоік памідораў урачыста закатваюць. Плюс да ўсяго – канцэрт, гандлёвыя намёты, «Памідорны дартс». І, вядома, дэгустацыі. Да канца свята ты напэўна навучышся на вока адрозніваць дзясяткі памідорных гатункаў.
Калі захочаш збочыць з галоўных вуліц горада, абавязкова прагуляйся да адной з мясцовых славутасцяў – драўлянай мячэці XIX стагоддзя (Google Maps – вул. Савецкая, 76). Міма яшчэ аднаго гістарычнага пункту ты наўрад ці пройдзеш: касцёл Святых Пятра і Паўла знаходзіцца ў самым цэнтры горада (Google Maps).
Мотальскія прысмакі
Калі: 9–10 жніўня.
Дзе: Іванаўскі раён, аграгарадок Моталь.
Як дабрацца: лепш за ўсё ехаць у Моталь на машыне. Можна на начным цягніку даехаць да Іванава (станцыя «Янаў-Палескі»), а там сесці на аўтобус, які ідзе па вёсках раёна праз Моталь.
Фота: Palasatka
Свята «Мотальскія прысмакі» – гэта палескі гастрафестываль, які праводзяць з 2008 года. Гэтым разам ён пачнецца са святочнага шэсця ў выглядзе вяселля, працягнецца гандлем на галоўнай вуліцы аграгарадка. Побач з фермерскімі сырамі, каўбасамі, вэнджанай рыбай, блінамі і пірагамі будуць прадаваць вырабы мясцовых майстроў. Увечары ў Моталі пройдзе канцэрт, яго праграма яшчэ ўдакладняецца.
Далучыцца да свята зможаш бясплатна. Грошы спатрэбяцца толькі на самі «прысмакі» і на сувеніры. Калі захочаш дапоўніць гастранамічныя ўражанні новымі ведамі, прыходзь на экскурсіі ў музеі народнай творчасці (Сайт) і археалогіі (Сайт), яны знаходзяцца ў цэнтры аграгарадка.
Шлях Цмока
Калі: 9–10 жніўня.
Дзе: Лепельскі раён, Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Як дабрацца: з Менска да вёскі Домжарыцы ты даедзеш на машыне прыкладна за 2 гадзіны. Ёсць аўтобусныя варыянты (арганізатары апісалі іх на сайце), плануецца трансфер (падрабязнасці абяцаюць крыху пазней).
Фота: instagram.com/shlyah_tsmoka
Фестываль славянскай міфалогіі «Шлях Цмока» сёлета будзе вельмі насычаным. На сцэне выступяць КняZz, Сарматы, Росквіт, KaS, СТОКС, Nevika. Паралельна будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, праходзіць квэсты і майстар-класы, шаман-шоў. Анансуюць дзве імерсіўныя міфалагічныя экасцежкі, начная – з пазнакай 18+. Пасля заходу сонца за пульт стануць дыджэі. А раніцай 10 жніўня можна будзе запаволіцца і заняцца ёгай.
Кошт квіткоў стартуе ад 85 BYN. Месца для палаткі абыдзецца ў дадатковыя 18 BYN.
Фота на галоўнай: Palasatka